KILLTODAY: скура, у якой я жыву. Інтэрв'ю з заснавальніцай паспяховага беларускага брэнда аксесуараў

KILLTODAY шмат у чым першы: менавіта гэты брэнд стаў выпускаць вельмі смелыя для нашага грамадства партупеі, ён жа зладзіў першую ў Беларусі фотасесію з plus-size мадэлямі. А ўсё пачыналася з таго, што Мілана Хасіневіч, стваральніца KILLTODAY, за адсутнасцю магчымасці купіць цікавую вопратку, пачала шыць усё сама: ад штаноў да сумак. Дзяўчына скончыла мастацкае вучылішча, затым ўніверсітэт па спецыяльнасці «выкладчык выяўленчага мастацтва і чарчэння», паспела папрацаваць у музеі краязнаўства. Мастаком яна хацела стаць яшчэ ў дзяцінстве, здаецца, мара спраўдзілася. Яе брэнд аксесуараў са скуры з'явіўся ў 2009 годзе: назву KILLTODAY Мілана запазычыла ў песні Pink Floyd «Time» (дакладней, склала два словы і прыдумала новы сэнс), а знак - шпілька - суправаджаў яе з дзяцінства як абярэг ад сурокаў. Аб паспяховасці брэнда, крытыцы і беларускай прыродзе мы пагаварылі з Міланай Хасіневіч.

- Што было трэба для таго, каб пачаць сваю справу, як ты да гэтага рашэння прыйшла?

- Да таго, як пачаць рабіць нешта самой, быць начальнікам, трэба «наладзіць» сябе, увесці ў сваё жыццё дысцыпліну. Зразумела, што трэба знайсці справу, якая будзе падабацца, але пачаць варта менавіта з дысцыпліны. Да таго, як заняцца брэндам, я год прасядзела дома, нічога не рабіла, працавала на іншых людзей - гэта расслабляла, а хацелася ўсё сістэматызаваць. Я дакладна скажу, што не сустракала чалавека, які вызначыўся б з тым, чаго яму не хапае ў жыцці, да 25 гадоў. У мяне атрымалася так, што я ўсе свае намаганні аддала на пабудову сваёй справы - не ведаю, ці правільна я зрабіла, але адчуваю сябе досыць шчаслівым чалавекам. Мая дыпломная праца была прысвечана неаготыцы ў Беларусі. Я фатаграфавала касцёлы, і для мяне гэта адкрыццё новых месцаў нават у межах невялікай краіны Беларусі было натхняльным. Потым я зразумела, што гэта амаль нікому тут не трэба. Але нават гэта прынесла мне плён, задавальненне. Думаю, у любы свой інтарэс трэба ўкладаць нейкія сілы, і ён сапраўды разаўецца ў нешта большае, калі гэта рабіць сістэматызавана і пастаянна.

- З якімі цяжкасцямі ты сутыкалася падчас працы над брэндам і якую параду дала б дызайнеру-пачаткоўцу?

- Спачатку было складана, бо ў мяне не было грошай на «пачынанне», нейкай фінансавай падтрымкі. А наогул ніякіх складанасцяў не было. Я заўсёды дала б параду пачынаць. Не пачнеш, не зразумееш - пашкадуеш. Магчыма, твая дзейнасць прынясе карысць. Маладому дызайнеру я б параіла смеласці і моцнага паглыблення ў свет таго, што ўжо існуе ў Беларусі. А потым яму трэба зрабіць нешта кардынальна іншае.

- Як стварыць паспяховы брэнд у Беларусі, падзелішся на ўласным прыкладзе?

- Пра паспяховасць мне цяжка казаць, таму што ўсё, што я рабіла, было наборам выпадковасцяў. Я ненавіджу кнігі па маркетынгу, не вучылася рэкламе, усё раблю інтуітыўна. Магчыма, мне проста пашанцавала: я раблю, а гэта чапляе людзей. Таму я не магу даць ніякага рэцэпту. У апошні час я зразумела, што спрабую прасачыць нейкія тэндэнцыі: дзяўчынкам падабаюцца кветкі, коцікі. Калі я сфатаграфую сумку з кветкамі або коткамі - фатаграфію абавязкова «залайкаюць». Але ў дадзены момант я проста раблю тое, што мне хочацца рабіць: напрыклад, фота сумак на балоце. З пункту гледжання маркетынгу я раблю вельмі шмат памылак, але нават гэта не перашкаджае маім канкурэнтам капіраваць нейкія мае думкі. Увогуле ў мяне няма ніякай стратэгіі, таму сакрэт паспяховасці брэнда я бачу ў шчырасці. А вось сакрэт камерцыйна паспяховага брэнда - пытанне складанае, я б цяпер ужо не рызыкнула нешта пачынаць, у нас вельмі перанасычаны рынак.

- У інтэрв'ю ты кажаш, што ставішся да крытыкі спакойна. Нейкія заўвагі могуць на цябе паўплываць?

- Наогул людзей, крытыку якіх я б ўспрыняла балюча, не так шмат. Ёсць нейкае кола аўтарытэтных для мяне людзей, меркаванне якіх прымусіла б мяне нешта перагледзець, а крытыка - гэта звычайная справа. Не магу ўявіць сабе сітуацыю, каб людзі не крытыкавалі. Але, шчыра скажу, што крытыкі ў свой адрас не бачу даўно, а можа, мне б яе і хацелася. Я нармальна стаўлюся да крытыкі, для мяне аб'ектыўныя думкі - гэта рухавік дызайнерскага прагрэсу. Крытыку ўзроўню «гэта жах» я не ўспрымаю, патрэбныя асэнсаваныя меркаванні.

- Раней ты ўжо казала аб тым, якія дызайнеры табе падабаюцца. Ці змянілася тваё меркаванне на гэты конт?

- З замежных па-ранейшаму падабаюцца бельгійскія дызайнеры Хайдер Акерман, A.F. Vandervorst, Ан Демельмейстар, яшчэ з 2008-га года. А з беларускіх цікавыя Ксенія Раманава, Вольга Кардаш, LimitedMinsk. Гэта людзі, рэчы якіх я сама нашу.

- Якія эмоцыі адчуваеш, калі бачыш свае аксэсуары на подыуме або ў людзей, якія іх купілі?

- Модныя паказы праходзяць наколькі імкліва, што я нават не паспяваю зрабіць фатаграфіі бэкстэйджа - гэта канвеер, але мне заўсёды прыемна знаходзіцца на такіх публічных прэзентацыях, дзе шмат людзей, якія могуць на ўласныя вочы пабачыць мае рэчы. А калі сустракаю людзей са сваімі аксэсуарамі на вуліцы, мяне крыху б'е токам. Мне падабаецца, што людзі іх носяць. Асабліва прыемна, калі сустракаю дзяўчат з сумкамі з першай калекцыі, пашытых са старых куртак - дзіўна, што яны носяць іх да гэтага часу!

- Ты ствараеш рэчы не толькі для беларусаў, але і для замежных заказчыкаў. Не думала аб пераездзе ў іншую краіну?

- Вядома, думала, але ёсць рэчы, якія спыняюць. У гэтым асяроддзі, нягледзячы на шматлікія абмежаванні, я адчуваю сябе арганічна. Мова, людзі - заўсёды складана паехаць туды, дзе ты будзеш адзін. У мяне такая спецыфіка працы, што мне не так проста перамясціцца ў іншае асяроддзе.

- Ты часта кажаш аб тым, што цябе натхняе беларуская прырода. А што табе падабаецца ў ёй больш за ўсё?

- Ёсць шэраг месцаў, куды мне падабаецца вяртацца, - напрыклад, Браслаў. А ўвогуле мне вельмі падабаецца Заходняя Беларусь, архітэктура нашай краіны. У Беларусі ёсць такая асаблівасць, што ў вёсках, дзе цяпер жывуць некалькі чалавек, будавалі неверагоднай прыгажосці касцёлы: Гервяты - выдатны ўзор. У апошні час я думаю аб тым, што ў мяне з беларускай прыродай супадае тэмперамент. Раней мне больш падабалася паўднёвая прырода, а цяпер колеры беларускай сталі мне нашмат бліжэйшымі.

Фота з архіва Міланы ХАСІНЕВІЧ

Чытаць таксама


Знак якасці: самыя вядомыя беларускія брэнды

Імідж краіны фарміруюць не толькі людзі, не толькі гарады, але і брэнды. Беларусь можа ганарыцца гэтымі брэндамі.

Made in Belarus: ідэі сувеніраў

Ўвесь час пры планаванні падарожжа турысты задаюць пытаннні, шукаюць самыя поўныя спісы таго, што можна прывезці ў якасці сувеніра. Мы зрабілі ўсю працу за Вас.

Водгукі