Аляксандр Саладуха: «Я шалёна люблю сваю справу!»

Дамаўляцца аб інтэрв'ю з гэтым бадай што самым эпатажным беларускім артыстам — адно задавальненне. Аляксандр Саладуха заўсёды рады паразмаўляць пра тое, што любіць — пра музыку, любімыя песні і самыя прыемныя падарункі. Менавіта таму ён адразу пагадзіўся, бо «Сёння і настрой добры, і надвор'е адпаведнае, і я ў белай вопратцы. Добры дзень для размовы, і я адкажу на любое пытанне!».

Пра музыку

- Як лічыце, для музыканта энэргетыка — важная рэч? Для чаго яна патрэбная?

- Канечне! Гэта нумар адзін! Я называю гэта харызмай, а калі ў артыста харызмы няма ў любога артыста — танцора, музыкі, акцёра — лепш падумаць пра тое, каб змяніць прафесію, бо калі няма той нябачнай ніткі, якая ўсталёўваецца з моманту выхаду артыста на сцэну між ім і публікай, нічога і не будзе.

- Зараз музыку спасцігае тое, што называецца масавай культурай. Тэксты не такія важныя, увогуле па музычных тэндэнцыях часта заўважна тое, што якасць песень зніжаецца. Як Вы да гэтага адносіцеся?

- Дрэнна, канечне! Я прапаноўваю з гэтым змагацца. Перш за ўсё такім чынам — не слухаць. Заўсёды для славянскай душы былі, ёсць і будуць галоўным у песні — словы. Памятаеце, што «спачатку было слова»? Безумоўна, мелодыя, гармонія неабходныя, але тэкст, сэнс песні — на першым месцы. А тое, што некаторыя артысты ад гэтага прынцыпа адыходзяць, значыць, што яны хутка і скончаць. Іх век будзе кароткім. Я ў гэтым упэўнены.

- Што для Вас галоўнае ў песні?

- Калі я спяваю, я думаю ў першую чаргу пра словы, якія прамаўляю. Я павінен данесці сэнс, прапусціўшы яго праз сваё сэрца і душу. Я спяваю для людзей, для народа, таму і водгук аўдыторыі для мяне важны, ледзьве не першасны. Я заўсёды трымаю зваротню сувязь з аўдыторыяй — гэта можна ўбачыць паглядзеўшы запіс любога майго канцэрту, што творыцца з людзьмі, калі на сцэне Саша Саладуха!

Пра прызнанне

- Вы выступалі на адной сцэне з гуртом Разбітае сэрца пацана (РСП). Як Вам такі досвед? Пагадзіліся б на падобныя выступы?

- Так, канцэрт быў у Графіці, але саміх музыкаў я не ведаю, не чуў іх музыкі, а выступіць мяне запрасіла кіраўніцтва клуба — было вар'яцтва, было шаленства публікі. Я шмат разоў казаў, было такое пачуццё, што гэта пік папулярнасці як у Бітлз і Ролінг Стоунс — такая моцная была рэакцыя. Адразу мне падалося, што гэта жарт моладзі нада мной, але на другой-трэцяй песні зразумеў, што гэта натуральная рэакцыя. Канечне, ад гэтага канцэрта ў мяне былі кайф, захапленне ад таго, што моладзь так да мяне ставіцца. Я ўсё ж прывык больш да рэакцыі людзей больш сталага ўзросту, але калі пасля «Крылаў матылька» моладзь развярнулася на 180 градусаў, я адчуў нейкі цуд. Я абавязкова пагаджуся, калі мяне паклічуць на падобнае мерапрыемства.

- Вы загаварылі пра моладзь, а Вы ведаеце, што сталі брэндам, што ёсць значыкі з Вашымі выявамі?

- Канечне, ведаю. А пра татуіроўку Вы ведаеце? У аднаго з жыхароў нашай краіны ёсць тату з маім партрэтам. Не памятаю, каб былі падобныя тату з выявамі іншых беларускіх артыстаў. Ленін, Ленан, і вось — я! Для мяне гэта быў шок!

- Як Вы ставіцеся да таго, як моладзь успрымае Вашую творчасць?

- Вельмі станоўча. Меркаванні, зразумела, розныя. Але я заўсёды верыў у тое, што атрымаю водгук ад моладзі.

- Якія падарункі ад фанатаў Вас уразілі? Былі такія?

- Розныя былі. І мёд, і сала на сцэну прыносілі, і цацкі. Адзін з самых галоўных і важных для мяне падарункаў заўжды са мной — у 1996 у Расіі чалавек, пагаварыўшы са мной паўгадзіны, зняў з сябе і даў мне крыжык са словамі «Ты яшчэ не аддаеш сабе справаздачу аб тым, што ты з сябе ўяўляеш». Такіх сустрэч у мяне шмат было — і з простымі людзьмі, і з вядомымі. Я шмат чуў у свой адрас, і кожнае меркаванне для мяне каштоўнае.

Пра імідж

- Вы адрозніваецеся як чалавек і як медыйная персона?

- Адназначна, не! Я адзін і той жа паўсюль. І для сям'і, і для слухачоў я аднолькавы.

- Для артыста імідж важны?

- Я думаю, для любога артыста, як і для любога чалавека, важны далёка не імідж, а душа і сэрца. Усё астатняе прыбавіцца само. Першае правіла — быць чалавекам і аддавацца сваёй справе на 100%.

- Якімі яшчэ правіламі Вы карыстаецеся?

- Яшчэ я сабе заўсёды кажу такую фразу: «пра сумнае — ні слова». І ў сям'і, і на працы. Калі я бачу сумнага чалавека — я сыходжу. Хай ён сам насам сумуе. Мне падаецца, сум, як і станоўчыя эмоцыі, можна перадаць іншым.

- Аляксандр Саладуха — гэта брэнд?

- Канечне! Уся краіна кажа пра гэта ўжо вельмі даўно. У чым сакрэт поспеха і папулярнасці? Я шалёна люблю сваю справу і аддаюся ёй цалкам. Магчыма, у сакрэты можна дадаць талент і харызму. Усё гэта разам дае тое, што адбываецца цяпер.

Пра блізкае

- Што новага плануеце ў творчасці?

- Пішацца новая пласцінка, ёсць ужо 4 новых песні, у 2017 планую выпусціць альбом. Хачу даць канцэрт на адноўленым стадыёне «Дынама». Мінск-Арэну я ўжо збіраў. Што наконт другога разу — пажывём-убачым.

- Хто па Вашым меркаванні лепшы беларускі выканаўца? Якімі крытэрыямі Вы карыстаецеся пры выбары?

- На сёння? Ён зараз перад Вамі. Крытэрыі? Пра гэта кажуць усе СМІ ўжо 2 гады, я кіруюся гэтым рашэннем і пагаджаюся.

- Што Вам падабаецца слухаць? Можаце саставіць ТОП-5 любімых песень?

- Шмат добрай музыкі... На першым месцы «Плот» Юрыя Лазы. Абавязкова «Касіў Ясь канюшыну» - гэта класіка. Далей ужо складана, у мяне шмат любімых песень. Трэцяя - «Ад зары да зары». Я вельмі люблю слухаць «Здравствуй, чужая милая» и «Мы будзем разам» - апошняя мая песня.

- Што Вы б параілі слухачам? Як разабрацца ў музыцы? Як выбраць, што слухаць?

- Сэрца слухаць сваё! Яно абавязкова падкажа, нават само зробіць выбар, што слухаць. Гэта ж так проста — слухаць свой унутраны голас.

- Вы займаецеся дабрачыннасцю. Вы чулы чалавек?

- Так, я спрабую ніколі не адмаўляць людзям у дапамозе, я заўсёды адгукаюся, еду працаваць у любую кропку. Для мяне дабрачыннасць — гэта неабходнасць. З кожным годам я гэта ўсё лепш разумею. Адкрыю карту — усе багатыя людзі ведаюць, што ўсё аддасца. Таму я заўсёды чакаю запрашэнняў, бо ведаю, што атрымаю вяртанне.

Пра маладосць

- Як Вы адносіцеся да хуткай папулярнасці — кшталту Макса Каржа?

- Ён вельмі малады выканаўца і я вельмі узрадаваны, што хлопец з невялікага беларускага горада змог «узарваць» галоўныя пляцоўкі і ў Беларусі, і за мяжой. Брава! Поспеху сваіх хочацца радавацца. У Беларусі шмат таленавітых музыкаў. І гэта прыемна.

- Куды «каціцца» сучасная музыка?

- Яна, на мой погляд, не «скатываецца». Усё непатрэбнае, як звычайна, адсеіцца, а ўсё класнае застанецца. З сучаснага беларускага люблю Без білета, J:Mors. Шмат зараз добрага, шмат назваў на ангельскай, але для мяне гэта ўжо чужое — беларускія выканаўцы павінны карыстацца роднай мовай. Хай англічане спяваюць на ангельскай, фіны — на фінскай. Акеан Эльзы «ўзарваў» увесь свет на ўкраінскай. Поспех у родным.

- Якія парады Вы можаце даць маладым?

- Па-першае, усім маладым я даў бы параду правільна выбраць свой шлях, займацца любімай справай, калі не атрымалася — пачынаць наноў. Трэба знайсці сябе. Нумар адзін — маральны кайф. Абавязкова жыць толькі з любімым чалавекам, ісці толькі наперад і ўверх, усміхацца і ніколі не здавацца.

Фота Ірыны ГУДАВАЙ

Чытаць таксама


Гонар нацыі: вядомыя беларусы - частка 3

Многія беларусы эмігравалі ў Амерыку і Еўропу. Іх дзеці сталі вядомымі мадэлямі і акцёрамі, некаторыя основавали кінастудыі. Давайце пазнаёмімся з гэтымі людзьмі.

Дом, які трэба палюбіць

Беларусь - маленькая рэспубліка, пра існаванне якой многія нават не падазраюць. І як бы непрыемна для беларусаў гэта ні гучала, але часта нас нават не ідэнтыфікуюць як асобную дзяржаву.

Гонар нацыі: вядомыя беларусы - частка 4

Нашы мастакі вядомыя ва ўсім свеце. Работы многіх з іх знаходзяцца ў калекцыях прэстыжных музеяў у Злучаных Штатах, Францыі, Вялікабрытаніі і іншых краінах.

Водгукі