Дом, які трэба палюбіць

Беларусь - маленькая рэспубліка, пра існаванне якой многія нават не падазраюць. І як бы непрыемна для беларусаў гэта ні гучала, але часта нас нават не ідэнтыфікуюць як асобную дзяржаву. Вядома, гэта можна спісаць на геаграфічную непісьменнасць і «гэта іх праблемы», але ад гэтага не становіцца ні лягчэй, ні больш зразумела. Ну, ды добра, пакінем іх і паглядзім на нас. А як разумеем Беларусь мы, грамадзяне, якія пражываюць у ёй?

Нядаўна ў размове з адным еўрапейцам на яго пытанне, як вы ў трох словах ахарактарызуеце горад, у якім жывяце, мы з калегамі некалькі разоў, не змаўляючыся, адказалі Motherland (Радзіма, прыналежнасць па маці). Гэта быў такі экспрэс-тэст на разварушванне крэатыўнасці мыслення і адыходу ад стэрэатыпаў. Дык вось, ведаеце, на што звярнуў увагу малады паспяховы бізнэсмэн з адной вельмі маленькай еўрапейскай краіны? На тэрмін «Motherland». Звыклае нам слова разанула вуха еўрапейцу таму, што яны называюць свой родны горад ці краіну паўсядзённа Домам, а афіцыйна - Fatherland (Айчына, прыналежнасць па бацьку). Такая, здавалася б, дробязь на самай справе нясе ў сабе фундаментальную, гістарычную падмену. Некалькі пакаленняў нашых людзей нараджаліся і выхоўваліся з думкай аб тым, што іх выкормлівае і забяспечвае прывідным шчаслівым будучым Радзіма Маці. Гэта былі пакаленні безбацькоўства, вымушаныя адмаўляцца ад свайго роду па палітычных меркаваннях, асуджаныя саромецца сваіх бацькоў, прызнаных ворагамі, або, у лепшым выпадку, ганарыцца загінулымі ў баях за Радзіму. Пакаленні, выгадаваныя ўдовамі, вырывалі з коранем генеалагічныя дрэвы, перапісвалі радавод і вечна саромеліся таго, чым звычайны чалавек якраз ганарыцца.

Дом - гэта нешта ўтульнае, цёплае, якое пахне дзяцінствам і ўспамінамі. Дом - гэта месца, дзе ўсё роднае і вельмі асабістае. Там жывуць тыя, каго ты любіш і каму давяраеш. А калі не любіш, то ўсё роўна неяк без агрэсіі. Там усе жывёлы - хатнія, а ўсе людзі - сваякі ці суседзі. Там свой уклад і правілы, гісторыі і традыцыі, прыколы і байкі. Там ты можаш быць самім сабой, і цябе за гэта любяць. Выносяць з хаты толькі бруд і мёртвых, але не смецце. Дом берагуць, бароняць і ўладкоўваюць. А калі з яго з'язджаюць, то потым успамінаюць з пяшчотай і вяртаюцца з радасцю. Так бывае з домам. А Радзіма-Маці, асабліва ў варыянце савецкай і постсавецкай канатацыі, уяўляецца з нейкім вечна тужлівым каменным тварам. Яна ўвесь час заклікае і мае патрэбу. Яна са слязамі выпраўляе сыноў і дачок туды, дзе яны аддаюць ёй доўг, пры гэтым застаючыся на пакаленні наперад у неаплачаным доўгу. За яе змагаюцца, яе пастаянна абараняюць і ўсімі сіламі імкнуцца заслужыць яе каханне.

Гэтыя нябачныя сэнсы і падтэксты звязваюць нас ментальнымі ніткамі з мінулым і будучыняй. Мы можам не надаваць ім значэння, і без іх праблем хапае. Але, як спяваў БГ: «…каб стаяць, нам трэба трымацца каранёў». Любіць Радзіму вучаць, а дом любяць па азначэнні. З гэтым нараджаюцца і жывуць. Гэта таксама натуральна, як любіць тату і маму. Калі ў беларуса спытаць, чым ён ганарыцца ў сваёй краіне, ён назаве, напэўна, нейкія імёны, сімвалы і брэнды. Але ці сапраўды ён гэтым ганарыцца, як галандзец - сырам і цюльпанамі, італьянец - пастай і піцай, а француз - Версалем і Шанэль? Нас так доўга прымушалі ганарыцца тым, што нас руйнавала, што мы не ведаем, як і што любіць шчыра і ад душы. Ды мы хвалу нармальна ўспрымаць не можам, саромеемся! Замежнікі думаюць, што за гэтым стаіць сціпласць, а на самай справе, часцяком прыніжаная самаацэнка.

Напэўна, у нас занадта доўга не было той формы прыватнай уласнасці, якая выпрацоўвае сацыяльную адказнасць за сваё і за агульнае. Але сацыяльная адказнасць не з'яўляецца з ніадкуль. Гэта рашэнне, якое прымае кожны чалавек унутры сябе. І гэтаму нам трэба вучыцца. Любіць свой Дом, ганарыцца ім, уладкоўваць яго так, каб нашы дзеці маглі ганарыцца Зямлёй Айцоў, адказных за тое, што адбываецца ў іх Доме.

Чытаць таксама


Аляксандр Саладуха: «Я шалёна люблю сваю справу!»

Дамаўляцца аб інтэрв'ю з гэтым бадай што самым эпатажным беларускім артыстам — адно задавальненне. Аляксандр Саладуха заўсёды рады паразмаўляць пра тое, што любіць — пра музыку, любімыя песні і самыя прыемныя падарункі.

Гонар нацыі: вядомыя беларусы - частка 4

Нашы мастакі вядомыя ва ўсім свеце. Работы многіх з іх знаходзяцца ў калекцыях прэстыжных музеяў у Злучаных Штатах, Францыі, Вялікабрытаніі і іншых краінах.

Гонар нацыі: вядомыя беларусы - частка 5

Апошняя частка спісу вядомых беларусаў. Тут вы знойдзеце бізнесменаў, палітыкаў і спартсменаў, якія не толькі сталі гонарам беларусаў, але і сусветнай спадчынай.

Водгукі